МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.

На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс. км2. Нас. 29,1 тыс. чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км2. Цэнтр — г. Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.

Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-ра студз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.

Вегетац. перыяд 207 сут. Найб. р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял. Лукава; бат. мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-партыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 46,3 тыс. га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».

Г.С.Смалякоў.

т. 10, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)